5 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін унёс у Дзярждуму РФ законапраект, які дазваляе дзяржаўнай карпарацыі "Раскосмас" прыцягваць грамадзян і кампаніі з Беларусі да работ і паслуг, звязаных з будаўніцтвам касмадрома Усходні. Тэкст дакумента размешчаны сёння ў электроннай базе законапраектаў Дзярждумы, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з праектам, "Раскосмас" і яго арганізацыі надзяляюцца правам прыцягваць беларускіх грамадзян і беларускія кампаніі "для ажыццяўлення дзейнасці на тэрыторыі закрытага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўтварэння Цыялкоўскі Амурскай вобласці, у тым ліку для выканання работ, аказання паслуг, звязаных з будаўніцтвам і рэканструкцыяй аб'ектаў наземнай касмічнай інфраструктуры касмадрома Усходні".
"Раскосмас" зможа прыцягваць да работы на тэрыторыі горада Цыялкоўскі Амурскай вобласці як грамадзян Беларусі, так і беларускіх юрыдычных асоб, заснавальнікамі якіх выступаюць Беларусь або яе грамадзяне і якія створаны ў арганізацыйна-прававой форме, устаноўленай заканадаўствам Беларусі. Парадак і ўмовы іх прыцягнення будзе ўстаноўлены прэзідэнтам Расіі і расійскім урадам.