7 снежня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе ў асноўным адобрыў праекты прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі краіны на 2016 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На працягу некалькіх дзён дакументы будуць дапрацаваны і ў канчатковым выглядзе прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. Фундаментальных заўваг у ходзе нарады выказана не было. У той жа час Прэзідэнт запатрабаваў, каб усім зацікаўленым эканамічным суб'ектам, кіраўнікам былі даведзены паказчыкі, якія вызначалі б эфектыўнасць іх дзейнасці. Для старшынь абл- і райвыканкамаў такім індыкатарам будзе, напрыклад, колькасць створаных рабочых месц. Вынікі выканання будуць падводзіцца кожны квартал.
Сярод прыярытэтаў эканомікі на наступны год кіраўнік дзяржавы акрэсліў рост экспарту, умацаванне пазіцый айчынных вытворцаў на ўнутраным рынку, укараненне новых тэхналогій, зніжэнне сабекошту прадукцыі. Апошняе, як падкрэсліў Прэзідэнт, ні ў якім разе нельга рабіць за кошт скарачэння работнікаў. Аптымізацыя неабходна, але паралельна павінны стварацца новыя рабочыя месцы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканамічныя планы і прагнозы неабходна складаць і рэалізоўваць, зыходзячы з інтарэсаў людзей: ім трэба даць работу, запатрабаваць за якасць яе выканання і заплаціць за яе.