15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне рабочай групы па каардынацыі ўзаемадзеяння Беларусі і горада Масквы адбылося сёння ў беларускай сталіцы пад старшынствам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дэлегацыю ўрада Масквы ўзначаліў кіраўнік Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязей Масквы Сяргей Чаромін.
Бакі абмеркавалі вынікі двухбаковага супрацоўніцтва і рэалізацыю Плана праграмных мерапрыемстваў Рэспублікі Беларусь і горада Масквы па развіцці гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага, гуманітарна-культурнага і сацыяльнага супрацоўніцтва на 2020-2022 гады; пытанні супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, паставак камунальнай і пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці, у будаўніцтве і капітальным рамонце жылля.
Уладзімір Кухараў адзначыў цеснае ўзаемадзеянне з Масквой і тэндэнцыю па фарміраванні кааператыўных сувязей, вялікія перспектывы супрацоўніцтва ў прамысловай, будаўнічай, транспартнай, гуманітарнай і іншых сферах, пытаннях барацьбы з пандэміяй.
"Вельмі добрыя перспектывы па пастаўках аўтобусаў, электробусаў. Таксама абмяркоўваліся пытанні будаўніцтва, рэнавацыі жылфонду ў Маскве; метрабудавання. У тым ліку наш праектны інстытут бачыць не толькі перспектывы на рынку Масквы, але і магчымасць разам з "Масметрапраектам" працаваць на міжнародным рынку", - канкрэтызаваў Уладзімір Кухараў.
Масква па выніках студзеня - кастрычніка 2021 года займае другое месца сярод рэгіёнаў Расіі па экспарце беларускіх тавараў. Тавараабарот склаў $3734,6 млн (плюс 27 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года), у тым ліку экспарт - $2478,9 млн (плюс 28,3 працэнта), імпарт - $1255,7 млн (плюс 24,5 працэнта). Павялічыліся пастаўкі легкавых аўтамабіляў, абутку з верхам з натуральнай скуры, пруткоў з нелегіраванай сталі, грузавых чыгуначных або трамвайных вагонаў, сыру і тварагу, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, рыбы сушанай, салёнай, вэнджанай, перапрацаванай іншым спосабам, спецыфічных тавараў, масла сметанковага, мэблі і яе частак. Ёсць зніжэнне ў пастаўках прыбораў і ўстройстваў медыцынскага прызначэння, ялавічыны, кветкавай прадукцыі і некаторых іншых.
"Гэты рэзультат трэба нарошчваць, не спыняцца на дасягнутым. Калі ёсць нейкія пытанні і праблемы, іх трэба вырашыць", - рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.
Сяргей Чаромін звярнуў увагу на важнасць гандлёвага супрацоўніцтва, асабліва ў сферы харчавання. Паводле яго слоў, прыблізна 20 працэнтаў у імпарце прадуктаў харчавання расійскай сталіцы складаюць тавары з Беларусі, асабліва малочная прадукцыя. У розных раёнах Масквы рэгулярна праводзяцца кірмашы беларускіх тавараў.
Нямала аўтатэхнікі беларускай вытворчасці выкарыстоўваецца гарадскімі камунальнымі структурамі і службамі, асабліва цэніцца насельніцтвам сучасны экалагічны электратранспарт, абмяркоўваюцца магчымасці новых паставак, арганізацыі сумеснай вытворчасці. Заключана 28 розных пагадненняў з беларускімі партнёрамі ў сферы адукацыі, прадаўжаюцца візіты на экспертным узроўні і сустрэчы анлайн.
"Задачы плана выкананы практычна па ўсіх галінах, - рэзюмаваў Сяргей Чаромін. - Для нас важна прадаўжаць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, асабліва ўзаемадзеянне з рэгіёнамі".
У дэлегацыі гасцей запланаваны яшчэ сустрэчы, а таксама наведванне Парка высокіх тэхналогій і Інавацыйнага цэнтра "Гарызонт".
Наступнае пасяджэнне рабочай групы Сяргей Чаромін прапанаваў правесці ў Маскве. "Дамовіліся, што ў наступным годзе распрацуем новую праграму супрацоўніцтва - на 2023-2025 гады. Спадзяюся, 2022 год стане плённым і пераломным у нашым супрацоўніцтве. Упэўнены, што сувязі паміж беларускімі партнёрамі і маскоўскімі кампаніямі, дэпартаментамі ўрада Масквы будуць умацоўвацца і толькі пашырацца. Беларусь застаецца для нас адным са стратэгічных партнёраў", - сказаў ён.