16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў студзені-ліпені 2017 года ў бягучых цэнах склаў Br50,8 млрд, або 106 працэнтаў у супастаўных цэнах да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Аб'ём прамысловай вытворчасці ў горназдабыўной прамысловасці павялічыўся на 2,9 працэнта, у апрацоўчай прамысловасці - на 6,5 працэнта, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыяніраваным паветрам - на 5,3 працэнта. У водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і знішчэнні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў аб'ём прамвытворчасці склаў 99,3 працэнта.
Індэкс прамысловай вытворчасці за ліпень бягучага года да ліпеня 2016-га склаў 105,4 працэнта.
У 10 з 13 галін апрацоўчай прамысловасці аб'ём прамысловай вытворчасці за студзень-ліпень перавысіў узровень студзеня-ліпеня 2016 года. Найбольшы прырост назіраўся ў вытворчасці машын і абсталявання, не ўключаных у іншыя групоўкі (на 21,1 працэнта), вытворчасці вырабаў з дрэва і паперы, паліграфічнай дзейнасці і тыражаванні запісаных носьбітаў інфармацыі (на 16,6 працэнта), вытворчасці хімічных прадуктаў (на 15,9 працэнта), вытворчасці асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (10,4 працэнта), вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра (на 9,7 працэнта), металургічнай вытворчасці, вытворчасці гатовых металічных вырабаў, акрамя машын і абсталявання (на 8,1 працэнта), вытворчасці электраабсталявання (на 6,2 працэнта).