14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У беларускіх кампаній будуць асаблівыя прывілеі на IASP 2016 у Маскве. Аб гэтым паведаміў сёння ў час адкрыцця этапу Усерасійскага стартап-тура фонду "Сколкава" ў Мінску старшы віцэ-прэзідэнт па інавацыях фонду "Сколкава" Васіль Бялоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У 2016 годзе ў Маскве пройдзе Сусветная канферэнцыя IASP 2016. Там будуць удзельнічаць прадстаўнікі больш як 700 тэхнапаркаў з усяго свету. Мы вельмі разлічваем на ўдзел беларускіх пляцовак, у іх там будуць асаблівыя прывілеі. Гэта будзе магчымасць паказаць сябе на міжнародным узроўні", - адзначыў Васіль Бялоў. Сусветная канферэнцыя IASP - гэта "Алімпіяда сярод тэхнапаркаў", ключавая пляцоўка для сустрэч, размоў і абмену вопытам кіраўнікоў і першых асоб навуковых паркаў і зон інавацыйнага развіцця з усяго свету.
Васіль Бялоў таксама падкрэсліў, што "Сколкава" з'яўляецца добрым мостам для беларускіх кампаній для міжнароднай камерцыялізацыі, а не толькі для выхаду на расійскі рынак. "Самае важнае для любога прадпрымальніка - доступ да рынку. І мы гатовы аказаць дапамогу самым цікавым беларускім праектам для выхаду на рынкі Кітая, еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх краін", - адзначыў ён.
Намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Аркадзь Дварковіч падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі ўжо ёсць вопыт рэалізацыі больш як 30 сумесных навукова-даследчых праектаў. Ён таксама звярнуў увагу, што Расія гатова аказаць падтрымку беларускім інавацыйным праектам.
У Мінску 14-15 красавіка 2015 года праходзіць этап Усерасійскага стартап-тура фонду "Сколкава". На ўдзел у конкурсе праектаў у рамках стартап-тура пададзена каля 900 заявак па пяці тэматычных напрамках: інфармацыйныя тэхналогіі, біялагічныя і медыцынскія тэхналогіі, энергаэфектыўныя тэхналогіі, прамысловыя тэхналогіі і матэрыялы, інавацыі для дзяцей. З іх для прэзентацыі адабрана больш за 200. Найбольшая колькасць заявак прадстаўлена па інфармацыйных тэхналогіях, а таксама новых матэрыялах, прамысловых і біямедыцынскіх тэхналогіях. Мэта тура - пошук перспектыўных інавацыйных рашэнняў і дапамога распрацоўшчыкам у фарміраванні ўласнай стратэгіі развіцця. У рамках стартап-тура пройдзе таксама навучальная праграма (уключае ў сябе майстар-класы, трэнінгі і семінары па самых актуальных тэмах ад вядучых спецыялістаў у галіне рэалізацыі інавацыйных праектаў). Па кожным з пяці напрамкаў стартап-тура будуць вызначаны тры пераможцы, якія атрымаюць запрашэнне на расійскую канферэнцыю стартапаў "Startup Villag", што пройдзе 2-3 чэрвеня 2015 года ў Маскве.