28 кастрычніка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Бізнес-супольнасць пачала распрацоўку Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі-2016. Аб гэтым заявіў сёння старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін на канферэнцыі "Новая эканоміка, кластары росту эканомкі, інвестыцыйныя ліфты, інфраструктурныя інвестыцыі ў развіццё эканомікі", якая праходзіць сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы пачалі падрыхтоўку Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі-2016. Гэта работа вядзецца поўнасцю адкрыта, любы студэнт, прафесар, прадпрымальнік можа ўнесці сваю прапанову, увайсці ў рабочую групу, быць выслуханым. І мы ўжо дакладна ведаем, што ўрад, Адміністрацыя Прэзідэнта і асабіста Прэзідэнт праяўляюць вялікую ўвагу да кожнай дзелавой слушнай ініцыятывы", - адзначыў Уладзімір Карагін.
Таксама ён канстатаваў, што 16 лістапада стартуе Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва. "Гэта вялікая міжнародная канферэнцыя з дзясяткамі мерапрыемстваў. Мы становімся часткай актыўных суб'ектаў гаспадарання 150 краін свету, уносячы свой уклад і ўсведамляючы, якія крокі нам трэба рабіць", - сказаў Уладзімір Карагін.
Канферэнцыя "Новая эканоміка, кластары росту эканомікі, інвестыцыйныя ліфты, інфраструктурныя інвестыцыі ў развіццё эканомікі" праходзіць у час міжнароднай выстаўкі "Фінансы. Банкі". Мэты мерапрыемства - прыцягнуць міжнародны вопыт і абмеркаваць магчымасці новай эканомікі, заснаванай на інавацыях, экспарце, аптымізацыі рэсурсаў, інвестыцыйных ліфтах і новай ролі дзяржавы ў эканоміцы.