22 студзеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Праграмы развіцця ААН у сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства з'яўляюцца аднымі з лепшых у СНД, паведаміла сёння журналістам намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Кацярына Паніклава перад пачаткам пасяджэння Міжведамаснага інфраструктурнага каардынацыйнага савета (МІКС), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Праграма развіцця ААН на працягу апошніх трох гадоў аказвала падтрымку ўраду Беларусі ў стварэнні асноў для дзяржаўна-прыватнага партнёрства. У нас быў сумесны праект, які фінансаваўся Еўрапейскай камісіяй у памеры $1 млн. Плюс уклад з боку ПРААН. Вынікі сталі аднымі з самых лепшых на прасторы СНД", - адзначыла Кацярына Паніклава.
У прыватнасці, быў створаны Міжведамасны інфраструктурны каардынацыйны савет (МІКС), Цэнтр дзяржаўна-прыватнага партнёрства пры Міністэрстве эканомікі, праведзена больш як 30 розных трэнінгаў з удзелам больш як 1,5 тыс. беларускіх спецыялістаў і міжнародных экспертаў.
"Але самае галоўнае - гэта падрыхтоўка і распрацоўка пілотных праектаў па дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Іх усяго сем, яны прыцягнулі ўвагу фінансавых інстытутаў, у прыватнасці Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця", - сказала Кацярына Паніклава. Таксама яна адзначыла выключную важнасць прыняцця закона "Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве". Гэта з'яўляецца добрым прыкладам для іншых краін", - лічыць яна.
Дзяржаўна-прыватнае партнёрства - гэта мадэль супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу, якая дае магчымасць рэалізоўваць важныя сацыяльныя праекты з дапамогай інавацый, капіталу і рэсурсаў прыватнага бізнесу без перагрузкі бюджэту. У самым агульным выглядзе кантракт ДПП прадугледжвае, што прыватны партнёр стварае і на працягу агаворанага кантрактам тэрміну (звычайна 10-20 гадоў) абслугоўвае інфраструктурны аб'ект, за што атрымлівае з бюджэту фіксаваныя плацяжы. Пасля заканчэння тэрміну кантракта актыў пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы (муніцыпалітэта).
Міжведамасны інфраструктурны каардынацыйны савет (МІКС) быў створаны ў маі 2014 года. Яго найважнейшай задачай з'яўляецца распрацоўка прапаноў па стварэнні прававых, эканамічных і інфармацыйных умоў, якія садзейнічаюць прыцягненню прыватнага капіталу, у тым ліку замежнага, да рэалізацыі праектаў па развіцці інфраструктуры на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
МІКС з'яўляецца калегіяльным органам і разглядае пытанні інфраструктурнага планавання ў доўгатэрміновай перспектыве (10-15 гадоў). Такім чынам, яго работа дае магчымасць вызначыць прыярытэтнасць рэалізацыі інфраструктурных праектаў з тым, каб яны аптымальна адпавядалі патрэбнасцям краіны пры рацыянальным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў, максімальных эканамічных, сацыяльных і экалагічных выгад.