11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Попыт на беларускую пілапрадукцыю ў Кітаі будзе расці. Такое меркаванне выказаў генеральны дырэктар кітайскай кампаніі Taomu Co. Ltd Лінь Суянь учас тэлемоста па пытаннях экспарту прадукцыі дрэваапрацоўкі, арганізаванага Беларускай універсальнай таварнай біржай. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Паводле слоў Лінь Суяня, цяпер кітайскі рынак паскоранымі тэмпамі аднаўляецца ад наступстваў пандэміі, што суправаджаецца значным павелічэннем спажывання імпартнай драўніны, у тым ліку беларускай. "Мы чакаем далейшы рост попыту на вырабляемыя ў Беларусі піламатэрыялы, таму ў нашых бліжэйшых планах - павялічыць аб'ёмы закупак гэтай прадукцыі на біржавых таргах. Для нас важна, што біржавая пляцоўка дае магчымасць купляць драўніну практычна ў неабмежаванай колькасці адразу ў некалькіх пастаўшчыкоў, і мы заўсёды можам сфарміраваць патрэбную нам партыю. Пры гэтым мы істотна эканомім час, бо каб загрузіць піламатэрыяламі 40 вагонаў, нам спатрэбіўся б не адзін тыдзень на пошук патэнцыяльных прадаўцоў і перагаворы з імі. На біржы мы набылі гэты аб'ём менш як за дзве гадзіны", - заявіў кітайскі бізнесмен.
Кіраўнік Taomu Co. Ltd таксама станоўча ацаніў рэалізаваны на БУТБ механізм суправаджэння біржавых здзелак, адзначыўшы, што за ўвесь час работы на біржы яго кампанія ні разу не сутыкнулася з якімі-небудзь праблемамі. "Купляючы піламатэрыялы на БУТБ, мы мінімізуем свае камерцыйныя рызыкі. Біржа строга кантралюе выкананне абавязацельстваў па здзелках, таму мы заўсёды ўпэўнены, што атрымаем тавар належнай якасці і ў агавораныя тэрміны. Зразумела, пры гандлі па-за біржай ніхто такіх гарантый не прадаставіць. Менавіта па гэтай прычыне для выхаду на беларускі рынак мы выбралі біржавую пляцоўку", - падкрэсліў Лінь Суянь.
Taomu Co. Ltd - буйны імпарцёр піламатэрыялаў, са снежня 2020 года актыўна ўдзельнічае ў таргах на беларускай біржавой пляцоўцы.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.