24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з адсутнасцю попыту і заявак ад турыстычных фірм на перавозку пасажыраў поезд нумар 374/373 Мінск-Варна будзе курсіраваць да 12 жніўня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.
З Мінска поезд будзе адпраўляцца па 12 жніўня па серадах, з Варны - па 14 жніўня па пятніцах. Раней планавалася, што з Мінска ён будзе адпраўляцца па 9 верасня, а з Варны - па 11 верасня.
З 19 жніўня пры павелічэнні пасажырапатоку і пры паступленні заявак ад турыстычных фірм поезд Мінск-Варна будзе назначацца "па ўказанні".
У гэтым летнім сезоне поезд Мінск-Варна адправіўся з Мінска 17 чэрвеня. У прэс-цэнтры БЧ адзначылі, што першы рэйс атрымаў высокую ацэнку пасажыраў, якія пакінулі шматлікія станоўчыя водзывы аб назначэнні гэтага поезда, а таксама аб умовах праезду і якасці абслугоўвання. У абодвух напрамках паездка была ажыццёўлена ў поўнай адпаведнасці з графікам руху, без затрымак пры правядзенні пагранічнага і мытнага кантролю ў пунктах пропуску праз дзяржаўныя граніцы.
Поезд нумар 374/373 Мінск-Варна курсіруе раз у тыдзень. Ён адпраўляецца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 13.18 і прыбывае ў Варну праз суткі ў 10.15. Час адпраўлення саставу ў адваротным напрамку - вечарам у 19.15, прыбыцця ў сталіцу - таксама праз суткі ў 16.59. Поезд рухаецца з Беларусі ў Балгарыю праз тэрыторыі Украіны, Малдовы і Румыніі. Састаў сфарміраваны з купэйных вагонаў. Усе яны абсталяваны сістэмамі кандыцыяніравання паветра.