16 мая, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Першы поезд з будаўнічымі матэрыяламі з Кітая для Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" прыбыў на грузавую таварную станцыю Калядзічы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Матэрыялы, якія прыбылі ў Беларусь з Кітая, прызначаны для будаўніцтва камерцыйнага і лагістычнага цэнтраў кампаніі "Чайна Мерчантс Груп", якая з'яўляецца рэзiдэнтам парка "Вялікі камень". Гэта металаканструкцыі", - расказаў журналістам член савета дырэктараў "Чайна Мерчантс Груп", генеральны прадстаўнік прадстаўніцтва "Чайна Мерчантс Груп" у раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі Ху Чжэн.
Паводле яго слоў, на будаўніцтва першай чаргі неабходна 9 тыс. т металаканструкцый. З Беларусі плануецца закупіць 5,5 тыс. т, у Кітаі - 3,5 тыс. т. "Сёння поезд даставіў 41 кантэйнер з 800 т металаканструкцый. Поезд адправіўся з правінцыі Хэбэй і прыбыў у Мінск. Ён праехаў праз Кітай, Казахстан, Расію і Беларусь. Гэта трансгранічная дастаўка на вялікія адлегласці. Поезд ехаў 16 сутак. Калі ажыццяўляць дастаўку морам, то спатрэбіцца як мінімум 25 сутак", - растлумачыў Ху Чжэн. Такім чынам, кантэйнерная дастаўка істотна скарачае яе тэрмін, што ў канчатковым выніку забяспечыць эфектыўнасць будаўніцтва аб'екта.
"Гэта першы выпадак, калі грузы, прызначаныя для будаўніцтва індустрыяльнага парка "Вялікі камень", адразу прыбылі ў Мінск. Таму гэта падзея мае вельмі вялікае значэнне", - сказаў Ху Чжэн.
Ён высока ацаніў работу Беларускай чыгункі і мытных службаў Беларусі. "Беларускія чыгункі паказалі высокую кампетэнтнасць і прафесіяналізм у прыёме грузу, забяспечылі якаснае абслугоўванне. Дзяржаўны мытны камітэт таксама аказаў вялікае садзейнічанне нашай рабоце і аператыўна ажыццявіў мытнае афармленне, забяспечыў хуткую растаможку і прыём грузу", - расказаў Ху Чжэн.
Член савета дырэктараў "Чайна Мерчантс Груп" выказаў надзею, што па меры развіцця індустрыяльнага парка "Вялікі камень" усё больш і больш грузаў будуць дастаўляцца чыгункай, у тым ліку грузы з беларускай прадукцыяй у Кітай.
Таксама сёння адбылася цырымонія падпісання пратаколаў аб намеры выкарыстоўваць склад захоўвання, выставачны і бізнес-цэнтр ЗАТ "Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная Кампанія". Сярод падпісантаў - кампаніі з Кітая і Беларусі, у тым ліку ААТ "Шклозавод "Нёман", РУВГП "Аршанскі льнокамбінат".
Прадугледжваецца, што гандлёва-лагістычны субпарк у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" пачне працаваць у 2017 годзе. У цэлым інвестыцыі ў праект складуць $500 млн, агульная плошча субпарка – 1 кв.км. На першым этапе ў будаўніцтва будзе ўкладзена $150 млн.