21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы жылы дом арэнднага комплексу на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" плануецца здаць у 2019 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння кіраўнік адміністрацыі парка Аляксандр Ярашэнка на цырымоніі, прысвечанай закладцы першага каменя ў будаўніцтва дома, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы спадзяёмся, што менш як праз год на гэтым месцы будзе пабудаваны першы жыллёвы комплекс - 156-кватэрны дом. Ён стане пачаткам будаўніцтва цэлага горада", - адзначыў Аляксандр Ярашэнка.
Вышыня жылога дома складзе 5-6 паверхаў. Ён будзе ўключаць 1-, 2-, 3-пакаёвыя кватэры, а таксама ўбудаваныя памяшканні грамадскага прызначэння (аптэка, ЖЭУ, цырульня, аддзяленне паштовай сувязі, фельчарцкі пункт, пункт бытавога абслугоўвання, апорны пункт правапарадку).
Размаўляючы з журналістамі, кіраўнік адміністрацыі адзначыў: "У нас ёсць генеральны план, у адпаведнасці з якім пражываць тут будуць больш як 120 тыс. жыхароў у перспектыве развіцця ўсяго нашага праекта. У прыватнасці, плануецца, што на гэтай пляцоўцы, паблізу вёскі Быкачына, дзе сёння закладваецца першы дом, будуць пражываць прыкладна 10 тыс. чалавек".
Будаўніцтва дома будзе ажыццяўляцца за кошт тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Паводле слоў Аляксандра Ярашэнкі, цяпер напрацоўваецца канцэпцыя будаўніцтва жылля з улікам так званага рэбрэндынгу. "Ёсць даручэнне лідараў нашых дзяржаў разгледзець магчымасць таго, каб парк станавіўся міжнародным спадарожнікам беларускай сталіцы. Таму пры будаўніцтве гэтага жылога дома і ў будучым мы будзем зыходзіць з таго, што будаўніцтва павінна весціся з улікам найноўшых тэхналогій".
Жыллёвы комплекс будзе пешаходным, дадаў кіраўнік адміністрацыі. Усе элементы аўтамабільнага руху, паркінг плануецца вынесці за межы жылой зоны.
У сваю чаргу намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч адзначыў, дом, першы камень у будаўніцтва якога заклалі сёння, стане сімвалам разумнага горада ў "Вялікім камені". Колькі ўсяго дамоў будзе ўключаць жыллёвы комплекс парка - пытанне на гэты момант адкрытае. "Мы вядзём перагаворы з Міністэрствам камерцыі Кітая, якое з'яўляецца нашым партнёрам у гэтым пытанні. Думаю, з часам тут будуць дамы, пабудаваныя не толькі за кошт сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі КНР, але і ў цэлым горад стане прывабным для інвесціравання", - рэзюмаваў намеснік міністра.