18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі з моманту ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму краіны выпрацаваў 8,2 млрд кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць больш за 2 млрд куб. м прыроднага газу. Аб гэтым сказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на І Маладзёжным форуме прафсаюза "Белэнергапалівагаз", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэнерга.
Міністр адзначыў станоўчую дынаміку росту спажывання электраэнергіі ў краіне: у 2021 годзе прырост склаў 2,3 млрд кВт.гадз. Пры гэтым электраспажыванне рэальным сектарам эканомікі за названы перыяд вырасла на 1,3 млрд кВт.гадз, насельніцтвам - на 0,25 млрд кВт.гадз; у энергасістэме - на 0,75 млрд кВт.гадз.
На сістэмнай аснове прадаўжаецца работа па пераводзе жылфонду на выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Для стварэння ўмоў па павелічэнні колькасці індывідуальнага жылля, якое пераводзіцца на электраацяпленне, энергазабеспячальнымі арганізацыямі па ўзгадненні з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам зацверджаны перспектыўныя планы мадэрнізацыі электрасетак. Яны ахопліваюць больш за 1,5 тыс. населеных пунктаў.
"Прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 381 і ў яго развіццё пастанова ўрада нумар 796, якія вызначаюць дакладны парадак праектавання і будаўніцтва электрычных сетак, магчымасці прыцягнення сродкаў грамадзян на гэтыя мэты, а таксама алгарытм узаемадзеяння з насельніцтвам і мясцовымі органамі ўлады па фарміраванні адпаведных планаў", - нагадаў Віктар Каранкевіч.
У час выступлення на форуме міністр расказаў аб ходзе рэалізацыі праекта па будаўніцтве БелАЭС, перспектывах развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі, яе ролі ва ўмацаванні энергабяспекі краіны.