3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы энергаблок Беларускай АЭС планава адключаны ад энергасістэмы для тэсціравання абсталявання. Такую інфармацыю размясціла Міністэрства энергетыкі ў сваім Telegram-канале, паведамляе БЕЛТА.
"У рамках завяршэння этапу энергетычнага пуску на БелАЭС ажыццёўлена планавае адключэнне першага энергаблока ад энергасістэмы, рэактарная ўстаноўка спынена", - праінфармавалі ў Мінэнерга.
Праводзіцца тэсціраванне ўсіх сістэм і абсталявання, якое будзе доўжыцца да 11 снежня.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце "АЭС-2006" паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам".