20 сакавіка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Першую серыйную партыю аўтамабіляў Geely Atlas NL4 завод "БЕЛДЖЫ" плануе выпусціць у чэрвені. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра прамысловасці, выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара СЗАТ "БЕЛДЖЫ" Генадзь Свідзерскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Генадзя Свідзерскага, заводскія выпрабаванні мадэлі плануецца завяршыць ужо ў сакавіку. "Geely Atlas NL4 - гэта спрошчаная версія мадэлі NL3. Цэнавыя параметры будуць ніжэйшыя", - адзначыў Генадзь Свідзерскі. Паводле яго слоў, ужо ёсць першы серыйны заказ на NL4 на другі квартал. "Думаю, мы ў чэрвені яго выпусцім", - сказаў першы намеснік міністра.
Цяпер на заводзе таксама праводзяцца выпрабаванні седана FE3, які, як мяркуецца, будзе ў бюджэтным цэнавым сегменце. "Цана будзе істотна ніжэйшая ў параўнанні з флагманскай мадэллю, але яе ўзровень будзе вызначаны пазней нашымі маркетынгавымі службамі", - сказаў першы намеснік міністра. Пры гэтым ён паабяцаў улічыць меркаванне патэнцыяльных пакупнікоў у гэтым пытанні. Паводле папярэдняй інфармацыі, серыйны выпуск седана будзе наладжаны ў трэцім квартале 2018 года.