14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая транзітная здзелка паміж рэзідэнтамі Кітая праведзена на Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Кампанія з Ганконга прадала кампаніі з мацерыковага Кітая партыю ялавічыны аб'ёмам 80 т. Сума здзелкі склала $354 тыс. Раней такія здзелкі заключаліся пераважна кампаніямі з Расіі і краін Балтыі з мэтай страхавання знешнегандлёвых рызык.
"Прымяненне біржавых таргоў як механізма хеджыравання - гэта знак даверу да беларускай біржавой пляцоўкі з боку прадстаўнікоў кітайскага бізнесу. Абодва ўдзельнікі транзітнай здзелкі ўжо мелі станоўчы вопыт работы праз біржу, але гэта былі кантракты з беларускімі прадпрыемствамі. Пераканаўшыся ў надзейнасці біржавога механізма, кітайскія ўдзельнікі вырашылі скарыстацца нашай гандлёвай платформай выключна для мінімізацыі рызыкі невыканання абавязацельстваў контрагентам. Па сутнасці, гэта новы этап развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў сферы біржавога гандлю, калі на экспарт пастаўляецца не тавар, а паслуга па забеспячэнні выканання знешнегандлёвага кантракта. Разлічваем, што гэта пілотная здзелка паслужыць добрым прыкладам для іншых кітайскіх кампаній, і ў далейшым аб'ёмы транзітнага гандлю з удзелам рэзідэнтаў КНР будуць расці", - адзначыў Раман Яніў.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
Па стане на 1 снежня 2021 года на БУТБ былі акрэдытаваны 64 кампаніі з КНР, што ў 2 разы больш, чым у 2020 годзе. Праз біржу ў Кітай у асноўным пастаўляюцца піламатэрыялы, рапсавы алей і цукар, а закупляюцца стальныя трубы, ліставы пракат і іншыя вырабы з чорных металаў.