24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая прадукцыя ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" будзе выпушчана ў 2019 годзе. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі па выніках чарговага, 10-га пасяджэння рабочай групы па пытаннях індустрыяльнага парка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зарэгістравалі ўжо 23 рэзідэнты парка, і на працягу бліжэйшых трох гадоў іх колькасць можа вырасці ў два разы і нават больш. Першую прадукцыю мы разлічваем атрымаць у 2019 годзе", - расказаў Уладзімір Зіноўскі.
Сёння на пасяджэнні абмяркоўваліся рынкі збыту для гэтай прадукцыі. "Ёсць усе магчымасці прадаваць высокатэхналагічную прадукцыю на рынках Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза. Ніякіх пытанняў у гэтым плане няма", - адзначыў міністр.
Кітайскай бокам узнімалася пытанне аб паскарэнні ўводу новых аб'ектаў. "Размова ідзе аб тым, што вялікія аб'екты будуюцца 12-14 месяцаў, а потым 8 месяцаў прымаем аб'ект. Гэта сведчыць аб тым, што трэба хутчэй адаптаваць нашы стандарты да стандартаў Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія ў прынцыпе адпавядаюць еўрапейскім і сусветным. Тут ёсць праблемы ў нашых праектных інстытутах, гэта пытанне трэба хутчэй вырашаць",- растлумачыў Уладзімір Зіноўскі.