26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаўкі ва Украіну тэхнікі МАЗ пасля 1 мая прадоўжацца ў поўным аб'ёме. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Мінскага аўтамабільнага завода ў сувязі з рашэннем Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі Украіны ўвесці спецыяльную пошліну на імпарт аўтобусаў, грузавых і спецаўтамабіляў з Беларусі ў памеры 35 працэнтаў мытнага кошту, паведамляе БЕЛТА.
"Пастаўкі ва Украіну тэхнікі МАЗ, у тым ліку пасажырскай, прадоўжацца пасля 1 мая ў поўным аб'ёме і ў названыя тэрміны. ТАА "Гандлёвы Дом "МАЗ-Украіна" (афіцыйны дыстрыб'ютар. - Заўвага БЕЛТА) прадаўжае функцыянаваць і выконваць усе свае абавязацельствы перад спажыўцамі", - гаворыцца ў паведамленні. Пры гэтым падкрэсліваецца, што ўсе кліенты Гандлёвага дома "МАЗ-Украіна" атрымаюць надзейную і камфортную аўтатэхніку згодна з агаворанай колькасцю і дакладна ў тэрмін.
Рынак Украіны - адзін са стратэгічна важных для Мінскага аўтамабільнага завода. За час супрацоўніцтва прадпрыемства вырабіла і паставіла паўтары тысячы адзінак пасажырскай тэхнікі ва ўсе рэгіёны краіны. Асабліва прадукцыйнымі былі апошнія тры гады, калі пастаўкі дасягнулі 250 адзінак у год. У грузавым сегменце колькасць рэалізаванай за апошнія шэсць гадоў аўтатэхнікі перавысіла 8 тыс. адзінак.
Грузавая тэхніка МАЗ нястомна працуе на карысць украінскіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, удзельнічае ў будаўніцтве і маштабных грузаперавозках, тым самым уносячы сваю лепту ва ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу краіны, а аўтобусы ўвасабляюць комплекснае вырашэнне сацыяльнай задачы, забяспечваючы камфортныя пасажырскія перавозкі ўкраінскіх грамадзян.
"За гады паспяховых двухбаковых адносін стала відавочна, што паміж нашымі краінамі існуюць вялікія магчымасці для далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, і ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЎТАМАЗ" гатова да рэалізацыі сумесных праектаў у розных сферах эканомікі Украіны", - гаворыцца ў паведамленні.