14 снежня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Рэзідэнты СЭЗ "Гроднаінвест" пашыраюць геаграфію экспарту, паведамілі БЕЛТА ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны.
У студзені-кастрычніку рэзідэнты СЭЗ экспартавалі прадукцыю ў 55 краін свету. Геаграфія пашырылася дзякуючы краінам далёкага замежжа, такім як Бангладэш, Зімбабвэ, Ісландыя, Перу, Самалі і іншым.
"Усяго за 10 месяцаў экспарт склаў каля $778 млн. Асноўнымі рынкамі збыту традыцыйна застаюцца краіны СНД (79 працэнтаў агульнага аб'ёму экспарту), а таксама члены Еўрапейскага саюза: Польшча, Літва, Румынія, Латвія, Германія", - расказалі ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны.
Экспарт у краіны ЕС перасягнуў $156 млн - на 11 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Істотна выраслі пастаўкі ў Германію, Канаду, Рэспубліку Карэя, Нідэрланды, ААЭ, Польшчу, ЗША, Турцыю, Швейцарыю і Эстонію.
Аснову экспарту рэзідэнтаў складаюць вырабы з дрэва і мэбля, угнаенні, хімічныя прадукты, вырабы з пластмас і металаў, прадукты харчавання і сельскай гаспадаркі, тэкстыльныя вырабы, аўтакампаненты.