21 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Ёсць значны патэнцыял для развіцця эканамічных адносін Ірана і Беларусі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Алірэза Санеі на сустрэчы з кіраўніцтвам паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі ў час Гомельскага эканамічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Алірэза Санеі падзякаваў за запрашэнне на эканамічны форум. "Безумоўна, форум адыгрывае вельмі важную ролю ў прадстаўленні эканамічнага патэнцыялу Гомельскай вобласці і Беларусі ў цэлым", - падкрэсліў ён.
"Эканомікі Ірана і Беларусі дапаўняюць адна адну, у тым ліку і дзякуючы Еўразійскаму эканамічнаму саюзу. Адкрыты вялікія магчымасці для развіцця плённага супрацоўніцтва паміж краінамі. Так, за апошнія 40 гадоў Іран дабіўся значнага прагрэсу ў развіцці такіх напрамкаў, як нанатэхналогіі, фармацэўтыка, вытворчасць медыцынскага абсталявання, ракетна-тэхнічная і нафтагазавая прамысловасці і іншых", - расказаў кіраўнік дыпмісіі. Ён таксама адзначыў, што візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Іран у сакавіку стаў пераломным момантам ва ўмацаванні далейшых адносін.
Пасол акрэсліў некалькі асноўных напрамкаў для развіцця плённых эканамічных адносін. Значны патэнцыял паставак рознай прадукцыі ў двухбаковым парадку ён бачыць у шырокім вытворчым дыяпазоне. У прыватнасці, можа быць запатрабавана беларуская дарожна-будаўнічая і сельскагаспадарчая тэхніка, прадукцыя цэлюлозна-папяровай прамысловасці, сінтэтычных валокнаў, угнаенняў, у тым ліку калійных.
Прадстаўнікі Беларусі і 12 замежных краін удзельнічаюць у ХVII Гомельскім эканамічным форуме, які праходзіць у горадзе над Сожам 21-22 верасня.