30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызстана Эрмек Ібраімаў пазітыўна ацаніў тэндэнцыю некалькіх апошніх гадоў па росце тавараабароту з Беларуссю. Аб гэтым дыпламат заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У першую чаргу Эрмек Ібраімаў, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі, падзякаваў кіраўніку дзяржавы за магчымасць сустрэчы: "Для мяне асабіста гэта было важна - зазірнуць да вас, далажыць аб тым, што ўдалося зрабіць за 4,5 года, перад тым як паеду ў Бішкек. У Бішкеку таксама буду дакладваць па гэтай тэматыцы".
Дыпламат адзначыў, што поўнасцю падзяляе думку Прэзідэнта Беларусі наконт двухбаковага тавараабароту. Сапраўды, калі паглядзець на абсалютныя лічбы, яны могуць здацца не такімі ўжо вялікімі, але затое ў адносных паказчыках праглядаецца пазітыўная тэндэнцыя да нарошчвання ўзаемнага гандлю - $160,2 млн за 2022 год (рост амаль на 65 працэнтаў у параўнанні з 2021-м) і $103,3 млн за студзень - жнівень гэтага года (рост на 24 працэнты да аналагічнага перыяду мінулага года). "Калі паглядзець у адносных лічбах, працэнтах росту, ён (тавараабарот. - Заўвага БЕЛТА) выклікае пэўны аптымізм, - сказаў пасол. - А калі паглядзець, што гэта тэндэнцыя захоўваецца..."
"Вы хочаце сказаць, што за апошнія тры гады ў 2,5 раза тавараабарот мы перавысілі? - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта праўда".
Пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы пасол у размове з журналістамі падкрэсліў, што, нягледзячы на нядаўнія складанасці з-за санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі, краінам удалося захаваць пазітыўную дынаміку гандлёва-эканамічных адносін. У бягучым годзе, на яго думку, тавараабарот Беларусі і Кыргызстана можа перавысіць $200 млн. Бакі маюць намер развіваць прамысловую кааперацыю. У прыватнасці, размова аб сумеснай рабоце ў транспартна-лагістычнай сферы, на якую робіць акцэнт Кыргызстан. У краіне пачата работа па будаўніцтве чыгункі, якая звяжа Кітай, Кыргызстан і Узбекістан.
"З Беларускай чыгункай цяпер вядзём работу па праектаванні некаторых участкаў гэтай чыгункі, - растлумачыў Эрмек Ібраімаў. - Беларусь мае вялікі вопыт у гэтай сферы. Агульная працягласць чыгуначных пуцей перавышае 10 тыс. км, а самае галоўнае - Беларусь мае магчымасці праектаваць і ажыццяўляць значную частку падрадных работ. У Беларусі выдатна пастаўлена сістэма кіравання чыгункай, і гэта нас на сёння цікавіць больш за ўсё".
Гаворачы аб асабістым стаўленні да Беларусі, Эрмек Ібраімаў прызнаўся, што пакідае краіну з некаторым сумам. "За 4,5 года, што я знаходжуся тут, я знайшоў шмат сяброў, палюбіў вашу краіну. Я падзяляю думку, калі гавораць, што Беларусь немагчыма не палюбіць", - сказаў пасол, дадаўшы, што больш за ўсё яму падабаецца Белавежская пушча, дзе ён бываў не адзін раз. У далейшай сваёй дзейнасці дыпламат таксама мае намер аказваць садзейнічанне развіццю адносін паміж Кыргызстанам і Беларуссю.