28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова прапанаваць Рэспубліцы Карэя сваю нафтахімічную і сельскагаспадарчую прадукцыю. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Рэспубліцы Карэя Андрэй Чарнецкі ў кулуарах семінара для кіраўнікоў беларускіх загранустаноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам сапраўды ёсць што прапанаваць Рэспубліцы Карэя. Гэта перш за ўсё прадукцыя прадпрыемстваў сельскагаспадарчай, нафтахімічнай галіны", - сказаў дыпламат.
Ён прывёў прыклад: нядаўна з карэйскім бокам заключыў сур'ёзны кантракт Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, і гэта ўжо другі вопыт для беларускага прадпрыемства.
Эканамічная сітуацыя ў самой Карэі цяпер не самая лепшая. Аднак экспарт у Беларусь на фоне агульнага зніжэння прырастае.
"Але, напэўна, будзе крывадушнасцю сказаць, што адносіны Беларусі і Карэі цяпер знаходзяцца на тым жа ўзроўні, што і гадоў 5-10 таму, - заявіў пасол. - Гэта вынік тых няпростых падзей, якія адбываюцца ў свеце. Наша задача - захаваць той патэнцыял, які быў".
Андрэй Чарнецкі адзначыў, што эканоміка - галоўны прыярытэт у двухбаковым супрацоўніцтве, але пасольства прыкладае ўсе намаганні і для таго, каб папулярызаваць беларускую клуьтуру ў Рэспубліцы Карэя.
"Гаворачы аб інтарэсе Карэі да Беларусі, я павінен сказаць, што такі інтарэс прысутнічае. Іншае пытанне, што Беларусь для Карэі - terra incognita: яны не зусім валодаюць інфармацыяй аб краіне, мы робім усё, каб гэты прабел запоўніць", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дыпмісіі.