4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканамічная беларуска-кітайская праграма ў Пекіне прадаўжаецца. Пасля перагавораў лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна адбылася сустрэча на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў арганізаваць такую сустрэчу у час перагавораў з Сі Цзіньпінам. Гаспадары ахвотна згадзіліся. Дамоўленасці лідараў развіваюць і ператвараюць у жыццё.
З беларускага боку ў сустрэчы прыняў удзел першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, з кітайскага - віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР Лю Гачжун.
Раней кіраўнікі дзяржаў размаўлялі на працягу больш як трох гадзін. Яны правялі перагаворы і прадоўжылі абмеркаванне пытанняў у час рабочага абеду.
Лю Гачжун адзначыў, што летам бягучага года ў Пекіне правялі пятае пасяджэнне кітайска-беларускага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве. Бакі выйшлі на шырокія дамоўленасці па ўмацаванні шматпланавага супрацоўніцтва. "Пасля пасяджэння профільныя ведамствы і органы дзвюх краін прыкладаюць сумесныя намаганні для грунтоўнай рэалізацыі вынікаў праведзенага пасяджэння. Радасна адзначыць, што па ўзгодненых намі пытаннях дасягнуты пазітыўныя зрухі", - сказаў кітайскі віцэ-прэм'ер.
Ён таксама падкрэсліў важнасць сустрэчы ў святле праведзеных у Пекіне перагавораў Старшыні КНР і Прэзідэнта Беларусі. "Гэта мае важнае значэнне для развіцця выканання дамоўленасцей кіраўнікоў дзяржаў. Гатовы падтрымліваць з вамі цесныя кантакты і арыентаваць работу кітайска-беларускага міжурадавага камітэта на пашырэнне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - заявіў Лю Гачжун.
У сваю чаргу Мікалай Снапкоў згадзіўся, што год у беларуска-кітайскіх адносінах быў насычаным і плённым. "Праведзены камітэт даў яшчэ большы прыкладны імпульс вырашэнню тых задач, якія паставілі перад намі лідары 1 сакавіка ў рамках дзяржаўнага візіту (Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў ён. - У першыя дні вясны бягучага года мы зрабілі гістарычны прарыў у развіцці двухбаковых адносін. У першыя дні зімы, у Дзень Канстытуцыі КНР, мы зноў абмяркоўваем прыярытэтныя пытанні глабальнага і двухбаковага парадку дня. Таварыш Сі Цзіньпін сёння вельмі дакладна ахарактарызаваў сутнасць нашых адносін, сказаўшы, што ўсепагоднае супрацоўніцтва - гэта рашучая ўзаемная падтрымка ва ўсіх галінах".
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі канстатаваў, што пачынаючы з 1 сакавіка адбылося больш за 120 узаемных візітаў дэлегацый кітайскіх і беларускіх экспертаў. На працягу года былі прыняты праграмныя стратэгічныя і прыкладныя дакументы. Падпісаны прадметны план развіцця супрацоўніцтва на 2023-2024 гады, комплексная стратэгія сумеснага прамысловага супрацоўніцтва, дэталізаваны план сумеснага тэхналагічнага развіцця.
"Усе напрамкі, дакументы, як патрабуюць ад нас лідары, маюць канкрэтны прыкладны характар. Накіраваны на дасягненне мэт нацыянальнага развіцця", - сказаў Мікалай Снапкоў.