3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пасяўныя работы плануецца завяршыць да 9 мая. Аб гэтым расказаў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, паведамляе БЕЛТА.
Уладзімір Гракун удакладніў, што яравую сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур аграрыі пастараюцца завяршыць у бліжэйшыя сем дзён, прычым паўднёвыя рэгіёны справяцца з гэтай работай да канца тыдня. Затым чакаецца сяўба яравога рапсу, а пасля - кукурузы. Аграрыі пачалі ўжо сяўбу лёну і цукровых буракоў.
Паводле слоў намесніка міністра, каб укласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, у аграрыяў ёсць усе неабходныя рэсурсы. Важна захаваць рэгламент і атрымаць ад зямлі добрую аддачу, паколькі менавіта ад гэтага будзе залежаць будучы ўраджай.
Цяпер запасы мінеральных угнаенняў застаюцца на ўзроўні мінулага года, аднак да канца мая іх аб'ём павялічыцца да 115 працэнтаў. Гаспадаркі поўнасцю забяспечаны пратравай і гербіцыдамі, каб своечасова пачаць хімпраполку і правесці неабходныя мерапрыемствы па ахове раслін ад шкоднікаў.