2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне Міжурадавага савета па лесапрамысловым комплексе і лясной гаспадарцы СНД пройдзе ў Беларусі 19-21 ліпеня. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, паведамляе БЕЛТА.
Для ўдзелу ў пасяджэнні запрошаны прадстаўнікі Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Малдовы. Цяпер вядуцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы.
Міжурадавы савет па лесапрамысловым комплексе і лясной гаспадарцы СНД створаны ў 1998 годзе для наладжвання і развіцця супрацоўніцтва ў сферы лесапрамысловага комплексу і лясной гаспадаркі краін Садружнасці. У яго склад увайшлі Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Узбекістан. Старшыня Міжурадавага савета выбіраецца з кіраўнікоў лясных ведамстваў краін-удзельніц кожныя два гады. У 2016 годзе старшынёй Савета быў выбраны міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч.