3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне беларуска-італьянскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве адбудзецца ў студзені 2016 года. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына па выніках беларуска-італьянскіх кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Алена Купчына, у прыватнасці, звярнула ўвагу на значнае павелічэнне тавараабароту паміж дзвюма краінамі і выказала ўпэўненасць, што ў гэтым плане ёсць значны патэнцыял. "Мы вызначылі студзень 2016 года як час, калі мы правядзём пасяджэнне міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве", - сказала яна.
Паводле слоў намесніка міністра, традыцыйна Італія з'яўляецца для Беларусі вельмі важным гандлёва-эканамічным партнёрам. У мінулым годзе двухбаковы тавараабарот дасягнуў рэкорднай лічбы $2 млрд 200 млн. "Гэта добры паказчык. Беларускі экспарт у Італію таксама сур'ёзна павялічыўся - на 12 працэнтаў - і перавысіў лічбу $1 млрд. Але ў нас значна большы патэнцыял, які неабходна выкарыстоўваць", - упэўнена Алена Купчына.
Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася сёння на кансультацыях паміж міністэрствамі замежных спраў, датычыцца стварэння ў Брэсце, у свабоднай эканамічнай зоне, італьянскага прамысловага кластара. "Мы чакаем дэлегацыю бізнес-колаў з Італіі, якая наведае Мінск і Брэст, і спадзяёмся, што яна ўнясе сур'ёзны ўклад у падрыхтоўку да пасяджэння міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве", - сказала намеснік міністра.
У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Бенедэта Дэла Ведава адзначыў, што важным аспектам двухбаковых адносін з'яўляецца інвесціраванне. "У гэтым выпадку мы можам гаварыць аб інвесціраванні як аб перадачы Рэспубліцы Беларусь сучасных тэхналогій, ноу-хау італьянскай вытворчасці. Прывозячы да вас італьянскае абсталяванне і станкі, мы такім чынам садзейнічаем мадэрнізацыі беларускай эканомікі, стварэнню рабочых месц", - сказаў ён.
Гэта дапамагае павялічваць экспарт тавараў з Беларусі, прычым не толькі ў Расію, але і ў іншыя краіны СНД, а таксама дзяржавы ЕС, падкрэсліў намеснік міністра з італьянскага боку.