10 кастрычніка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пашырыць напрацаваныя кантракты і знайсці новыя пункты росту ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у першую чаргу - у эканамічнай сферы. Такія мэты пачатага візіту дэлегацыі Гомельскай вобласці ў Рэспубліку Башкортастан абазначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Аб гэтым піша Telegram-канал "Гомельшчына афіцыйна", паведамляе БЕЛТА.
Губернатар прывёў прыклады эфектыўнага супрацоўніцтва з Башкортастанам у бягучым годзе. "Прадукцыя "Гомсельмаша" карыстаецца высокай папулярнасцю сярод аграрыяў рэспублікі. У 2022 годзе яны набылі 31 адзінку самаходнай тэхнікі гомельскіх камбайнабудаўнікоў", - падкрэсліў ён.
Субліцэнзійны дагавор на зборку гусенічных трактароў BELARUS на тэрыторыі Башкортастана таксама ў гэтым годзе падпісаў Мазырскі машынабудаўнічы завод з кампаніяй "Матрыкс Універсал". У жніўні пастаўлены першы трактаракамплект.
З 2022-га пачаты і прамыя пастаўкі ў Башкортастан кансольна-фрэзерных станкоў кампаніі "СтанкаГомель". "Гэта прадпрыемства адзінае ў Беларусі выпускае сучасныя вертыкальныя і гарызантальныя апрацоўчыя цэнтры", - звярнуў увагу Іван Крупко.
У час візіту гомельскай дэлегацыі ў Башкортастан запланаваны афіцыйныя сустрэчы з кіраўніком рэспублікі Радзіем Хабіравым, членамі ўрада, а таксама наведванні прадпрыемстваў, бізнес-перагаворы.
Адзначаецца, што дзелавыя колы, а ў складзе дэлегацыі больш як 10 дырэктараў і топ-менеджараў вядучых прамысловых прадпрыемстваў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі, папярэдне прапрацавалі пытанні па далейшым супрацоўніцтве. Плануюцца падпісанні дагавораў, пагадненняў і мемарандумаў.