5 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Дагаворы на агульную суму $20,8 млн заключаны па выніках візіту дэлегацыі Гомельскай вобласці ў кітайскую правінцыю Сычуань. Такую лічбу агучыў 5 верасня старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў губернатара, за тры рабочыя дні ў Чэнду падпісана 11 дакументаў, у тым ліку 8 камерцыйнага характару. "Гэта факт. А ў перспектыве ёсць зачын: на бізнес-форуме Гомельскай вобласці і правінцыі Сычуань праведзены перагаворы больш як з 30 прадстаўнікамі кампаній з кітайскага боку", - сказаў кіраўнік вобласці.
Ён дадаў, што на сустрэчы з губернатарам правінцыі Сычуань бакі вызначыліся ў жаданні і ў далейшым развіваць і ўмацоўваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Галоўнае - рэалізаваць і ажыццявіць усе дамоўленасці.