7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі і Расіі па міжбюджэтных разліках па нафце амаль гатова, паведаміў сёння журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дамоўленасці адносна 2020 года, якія дасягнуты з Расійскай Федэрацыяй па кампенсацыі астатняй часткі прэміі за кошт расійскага бюджэту, на фінальнай стадыі. Пагадненне амаль гатова. Думаю, мінфіны яго вось-вось фіналізуюць", - сказаў Дзмітрый Крутой.
Пастаўкі ад буйных нафтавых кампаній з Расіі прыпыняліся з 1 студзеня з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці адносна цаны. Беларусь палічыла немэтазгодным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб'ёмах. У красавіку пастаўкі ад буйных НК адноўлены, была дасягнута дамоўленасць, што расійскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі, частку прэміі кампенсуе расійскі ўрад з дапамогай міжбюджэтных разлікаў. У Мінфіне Беларусі 25 сакавіка паведамлялі аб пачатку работы над механізмам міжбюджэтных нафтавых разлікаў.