19 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка і міністр транспарту Расіі Віталь Савельеў сёння ў Маскве падпісалі міжурадавае пагадненне аб арганізацыі супрацоўніцтва ў галіне перавозкі і перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў, прызначаных для экспарту ў трэція краіны, праз расійскія марскія парты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дакумент прадугледжвае перавалку беларускімі прадпрыемствамі больш як 9,8 млн т грузаў у расійскіх партах на Балтыцы ў 2021-2023 гадах, у далейшым дзеянне пагаднення можа быць прадоўжана. Размова ідзе аб такіх грузах, як мазут, бензін і масла. Нафтапрадукты вытворчасці беларускіх НПЗ будуць перавозіцца да партоў РФ чыгуначным транспартам. Дакументам вызначаны гранічныя стаўкі на рухомы састаў і паслугі па перавалцы грузаў у марскіх партах Расіі. Бакі гарантуюць адсутнасць любога павышэння тарыфаў, за выключэннем штогадовай агульнай індэксацыі. Расійскі бок гарантуе таксама прадастаўленне рухомага саставу для перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў.
Пасля цырымоніі падпісання Аляксей Аўраменка паведаміў журналістам, што ў апошнія дні вялася работа па выхадзе на падпісанне неабходных кантрактаў з грузааператарамі. "Я вельмі рады, што нам удалося дамовіцца і адначасова плануецца падпісанне адпаведных камерцыйных кантрактаў", - адзначыў ён.
Як удакладнілі ў расійскім Мінтрансе, неабходныя кантракты паміж беларускімі і расійскімі суб'ектамі гаспадарання павінны быць падпісаны ўжо сёння. Чакаецца, што першыя беларускія знешнегандлёвыя грузы будуць перавезены праз расійскія марскія парты ўжо ў сакавіку.
"Пагадненне адкрывае новыя магчымасці па адкрыцці альтэрнатыўнага маршруту пастаўкі нафтапрадуктаў на экспарт", - рэзюмаваў Аляксей Аўраменка.
Гістарычнай падзеяй назваў падпісанне пагаднення міністр транспарту Расіі Віталь Савельеў. Паводле яго слоў, цана на паслугі для беларускіх пастаўшчыкоў у расійскіх партах ніжэйшая, чым яна была пры перавалцы праз парты краін Балтыі. "Усе расійскія суб'екты гаспадарання пайшлі на істотныя скідкі, зыходзячы з аб'ёмаў, прапанаваных беларускім бокам", - сказаў кіраўнік Мінтранса Расіі.
"Мы лічым, што гэта пагадненне было падпісана, задаволіўшы абодва бакі, і яно дасць карысць і Расіі, і Беларусі", - рэзюмаваў Віталь Савельеў.
Акрамя таго, міністры падпісалі сёння пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне транспартнай бяспекі. Яно дасць магчымасць сфарміраваць уніфікаваны механізм узаемадзеяння паміж дзвюма дзяржавамі, які забяспечвае своечасовае выяўленне, папярэджанне і спыненне незаконнага ўмяшання ў дзейнасць транспартнага комплексу пры перавозках пасажыраў і грузаў у міжнародных зносінах, а таксама кабатажных аўтамабільных перавозках грузаў.