2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Падрыхтаваны праект указа аб выплаце індывідуальнымі прадпрымальнікамі - плацельшчыкамі адзінага падатку страхавых узносаў прапарцыянальна адпрацаванаму часу. Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч 30 верасня на прамой тэлефоннай лініі, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Міністэрствам распрацаваны адпаведны праект указа, які цяпер знаходзіцца на ўзгадненні з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання, - сказала Ірына Касцевіч. - Прапануецца, каб за перыяды, калі індывідуальны прадпрымальнік прыпыняе дзейнасць, ён не плаціў страхавыя ўзносы".
Аб даце ўступлення ў сілу гэтага дакумента гаварыць яшчэ рана - яго праект разглядаецца спецыялістамі зацікаўленых дзяржорганаў. Ідзе рабочы працэс, у ходзе якога трэба абмеркаваць усе нюансы і зняць усе рознагалоссі, выпрацаваць узгодненую пазіцыю, растлумачыла Ірына Касцевіч.