14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ніжагародская вобласць зацікаўлена ў развіцці імпартазамяшчальных праектаў з Беларуссю. Аб гэтым расказаў міністр прамысловасці, гандлю і прадпрымальніцтва Ніжагародскай вобласці Максім Чаркасаў у час дзелавога форуму Беларусі і Ніжагародскай вобласці Расіі "Дзень пастаўшчыка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Максіма Чаркасава, расійскі рэгіён ужо другі год актыўна ўзаемадзейнічае з прамысловасцю Беларусі. "Вынікі работы прывялі да таго, што тавараабарот паміж Беларуссю і Ніжагародскай вобласцю павялічваецца. Сённяшні форум праходзіць у новым фармаце - гэта больш глыбокая работа нашых прамысловых прадпрыемстваў. У Ніжагародскай вобласці яшчэ да пачатку СВА мы праводзілі так званыя дні пастаўшчыка, калі мы збіралі буйныя кампаніі і прапаноўвалі магчымасці нашых малых і сярэдніх кампаній. Сёння гэты фармат перайшоў у міжнародны", - адзначыў ён.
Сумеснымі намаганнямі гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Ніжагародскай вобласці ў прадпрыемстваў, якія зацікаўлены ў супрацоўніцтве, ёсць магчымасць сёння сустрэцца ў рамках В2В-перагавораў. "На працягу некалькіх дзён будуць праходзіць мерапрыемствы, дзе не толькі будуць агучаны магчымасці беларускага і расійскага экспарту, але і ў прадстаўнікоў ніжагародскіх прадпрыемстваў будзе магчымасць наведаць вытворчасці, у якіх яны зацікаўлены. У мінулым годзе гэта работа прывяла да вельмі добрага выніку. Мы атрымалі кантракты ў абсалютна розных напрамках - ад атамнай галіны і машынабудавання да сумесных праектаў у галіне хіміі, касметыкі. Сёння нашы прадпрыемствы, улічваючы, што мы атрымалі новы імпульс у рамках праектаў імпартазамяшчэння, маюць магчымасць прапанаваць Беларусі новыя прадукты і праекты, і ў беларускіх кампаній ёсць магчымасць пастаўкі новай прадукцыі", - расказаў Максім Чаркасаў.
Расійскі міністр таксама адзначыў, што ў мінулым годзе вялася работа не толькі па заключэнні кантрактаў. "У Ніжагародскай вобласці было адкрыта адно з сумесных прадпрыемстваў з Беларуссю - вытворчасць трамваяў з "Белкамунмашам". Ужо сёння ў ніжагародскай вобласці ездзяць расійска-беларускія трамваі. Мы разлічваем, што ўзровень лакалізацыі дасягне 90 працэнтаў", - дадаў ён.
Форум "Дзень пастаўшчыка" праводзіцца ў працяг кантактаў і дамоўленасцей, дасягнутых у час урадавага візіту прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Ніжні Ноўгарад у пачатку лютага бягучага года. У гэтыя дні праходзіць візіт у адказ 30 ніжагародскіх кампаній у складзе 60 чалавек.