16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць новых пелетных заводаў у Пружанскім, Жыткавіцкім, Мазырскім доследным, Клічаўскім, Навагрудскім і Барысаўскім доследным лясгасах у кастрычніку адгрузілі паліўныя гранулы больш як на 1,1 млн еўра, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
"Па выніках работы ў кастрычніку шэсць новых пелетных заводаў выпусцілі 8,4 тыс. т паліўных гранул, што склала 65 працэнтаў ад іх штомесячнай вытворчай магутнасці. За мінулы месяц тут адгрузілі 9,9 тыс. т пелет на суму звыш 1,1 млн еўра. Гэта ў 5,5 раза больш, чым было пастаўлена ў кастрычніку 2019 года", - расказалі ў прэс-службе.
Усяго на новых вытворчасцях ужо выпусцілі каля 34 тыс. т паліўных гранул. Асобныя заводы практычна выйшлі на праектную магутнасць па выпуску пелет. Так, у кастрычніку вытворчыя магутнасці пелетнага завода ў Пружанскім лясгасе былі загружаны на 98 працэнтаў, у Барысаўскім доследным лясгасе - на 95 працэнтаў. Апошняму ўдалося вырабіць больш за ўсіх паліўных гранул - 10,3 тыс. т з пачатку года.
У галіне імкнуцца знайсці новыя рынкі збыту і выйсці на канечнага спажыўца. УП "Беллесэкспарт", каб вывучыць рынак, кожны месяц выстаўляе пэўны аб'ём паліўных гранул на таргі ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа". Сёння на біржы акрэдытаваны буйнейшыя трэйдары, якія пастаўляюць пелеты ў краіны ЕС. Устаноўлены кантакты з вядомымі еўрапейскімі энергетычнымі холдынгамі і іх пастаўшчыкамі.