30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" зарэгістраваны новы рэзідэнт - чэшская кампанія Beznoska Meditech, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт індустрыяльнага парка.
Інвестыцыйны праект рэзідэнта звязаны з вытворчасцю эндапратэзаў і артапедычных прыстасаванняў. Кампанія-заснавальнік спецыялізуецца на выпуску прадукцыі для артапедыі і траўматалогіі з 1969 года.
"Рэзідэнт парка плануе развіваць супрацоўніцтва з установамі аховы здароўя Беларусі па ўкараненні інавацыйных метадаў лячэння, новых як для Беларусі, так і для краін СНД. Прадукцыя кампаніі будзе прызначана для ўнутранага рынку, у перспектыве - для экспарту ў краіны ЕАЭС", - дадалі ў індустрыяльным парку.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - асаблівая эканамічная зона са спецыяльным прававым рэжымам, размешчаная за 25 км ад Мінска. Тут зарэгістраваны рэзідэнты з 15 краін. Прыярытэтныя для парка напрамкі - машынабудаванне, электроніка і тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, фармацэўтыка, новыя матэрыялы, лагістыка, электронная камерцыя, захоўванне і апрацоўка вялікіх аб'ёмаў даных.