8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфармацыя аб стане навакольнага асяроддзя ў раёне БелАЭС паступае ў рэжыме рэальнага часу, паведаміла 8 студзеня на прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Марыя Гермянчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Важным напрамкам нашай работы з'яўляецца комплексны маніторынг стану навакольнага асяроддзя ў зоне будаўніцтва БелАЭС. Цяпер мы праводзім маніторынг па некалькіх напрамках - метэаралагічны, кліматычны, гідралагічны маніторынг, маніторынг хімічнага забруджвання атмасфернага паветра і паверхневых вод. У цэнтры ўсёй гэтай работы - радыяцыйны маніторынг. Мы правялі ўжо фонавае даследаванне стану навакольнага асяроддзя да запуску БелАЭС, цяпер ідзе збіранне статыстычнай інфармацыі, якая дасць магчымасць у будучым ацэньваць уздзеянне атамнай станцыі на стан навакольнага асяроддзя. Дзейнічае аўтаматызаваная сістэма кантролю радыяцыйнай абстаноўкі ў раёне БелАЭС. Інфармацыя паступае ў рэжыме рэальнага часу", - сказала Марыя Гермянчук.
Сістэма мае спецыялізаваныя датчыкі, якія ў рэжыме рэальнага часу рэгіструюць любыя змяненні ў радыяцыйнай абстаноўцы. "Гэта забяспечыць належны ўзровень радыяцыйнай бяспекі навакольнага асяроддзя і насельніцтва ў зоне БелАЭС", - падкрэсліла першы намеснік начальніка Белгідрамета.