4 чэрвеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Індыя мае намер пашырыць крэдытную лінію ў памеры $100 млн для рэалізацыі сумесных з Беларуссю праектаў. Аб гэтым сёння ў час беларуска-індыйскага бізнес-форуму заявіў Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пранаб Мукерджы адзначыў, што традыцыйнымі напрамкамі супрацоўніцтва з Беларуссю сталі такія сферы, як энергетыка, фармацэўтыка, сельская гаспадарка. Аднак, на думку Прэзідэнта Індыі, гэта не вычарпальны пералік.
Індыя і Беларусь, паводле слоў Пранаба Мукерджы, маюць намер прыняць усе магчымыя меры для прыцягнення прамых замежных інвестыцый у абодвух напрамках з дапамогай падтрымкі камерцыйных, інвестыцыйных форумаў, такіх мерапрыемстваў, як праведзенае сёння ў Мінску.
"Мы імкнёмся палепшыць супрацоўніцтва ў фінансавым сектары і зрабіць даступным усе неабходныя інструменты для фінансавання сумесных праектаў", - сказаў Прэзідэнт Індыі. Ён дадаў, што бакі маюць намер працаваць у гэтай сферы і з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.