27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Made in Belarus прадстаўлена на 24-й міжнароднай выстаўцы хімічнай прамысловасці і навукі "ХІМІЯ-2021", якая адкрылася 26 кастрычніка ў Маскве. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
У мерапрыемстве ўдзельнічаюць восем кампаній нафтахімічнага сектара Беларусі. Яны дэманструюць сваю лепшую прадукцыю і паслугі, а таксама навінкі вытворчасці. Сярод іх - адкрытыя акцыянерныя таварыствы "СветлагорскХімвалакно", "Гродна Азот", "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", "Завод горнага воску", "Магілёўхімвалакно", "Лакафарба" і іншыя вытворцы.
Міжнародная выстаўка "ХІМІЯ" - адна з найбольш прэстыжных у сваёй галіне. Яна праводзіцца пад патранажам Гандлёва-прамысловай палаты Расіі пры падтрымцы Міністэрства прамысловасці і гандлю РФ. У 2021 годзе на выстаўцы прадстаўлены такія тэматычныя раздзелы, як "Зялёная хімія", "Індустрыя пластмас", "Хіммаш. Помпы", "Хім-Лаб-Аналіт", "Паслугі", "Салон аховы ад карозіі "КАРРУС", "Нафтагазахімія", "Інавацыі і сучасныя матэрыялы", Startup ChemZone, "Аўтаматызацыя і лічбавізацыя вытворчасці".
У рамках выстаўкі пройдзе ІХ Маскоўскі міжнародны хімічны форум. Плануецца, што беларускія экспаненты прымуць удзел у яго вялікай дзелавой праграме: круглых сталах, навукова-практычных канферэнцыях, дыскусіях, сесіях і семінарах, прысвечаных шэрагу тэм - ад біятэхналогій і галіновай лагістыкі да кадравага патэнцыялу сферы і арктычнай хіміі.
Экспазіцыя Made in Belarus на 24-й міжнароднай выстаўцы хімічнай прамысловасці і навукі "ХІМІЯ-2021" арганізавана выставачным прадпрыемствам "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.