20 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Нацыянальная экспазіцыя Беларусі 25-29 красавіка будзе прадстаўлена на штогадовым Гановерскім прамысловым кірмашы. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Будуць паказаны апошнія навукова-тэхнічныя распрацоўкі НАН, падведамных устаноў Мінадукацыі, прадукцыя арганізацый Мінпрама і прыватных навукова-вытворчых кампаній Беларусі.
Прадугледжваецца прэзентацыя больш як 130 экспанатаў. Асноўныя напрамкі беларускай экспазіцыі - машынабудаванне і металургія, новыя матэрыялы і тэхналогіі (у тым ліку лазерныя і нанатэхналогіі), прамысловае абсталяванне, будаўніцтва, энергетыка, праграмнае забеспячэнне, ахова здароўя, сельская гаспадарка, угнаенні, утылізацыя арганічных адходаў, экалогія, ачыстка вады. Удзел Беларусі ў кірмашы прадаставіць магчымасць для наладжвання супрацоўніцтва, прыцягнення інвестыцый і пашырэння рынкаў збыту.