26 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі бачыць магчымасць дасягнення ў наступным годзе адназначнай велічыні стаўкі рэфінансавання. Аб гэтым журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.
"Мы чакаем выхад на адназначную велічыню па стаўцы рэфінансавання ў наступным годзе. Гэта, безумоўна, будзе залежаць ад таго, як будзе ў цэлым працаваць эканоміка, які будзе стан плацежнага балансу, знешнія ўмовы. Рашэнні мы будзем прымаць на планавых пасяджэннях праўлення. Графік гэтых пасяджэнняў мы давядзём да грамадскасці ў канцы бягучага года і будзем строга прытрымлівацца непасрэдна гэтых графікаў", - расказаў кіраўнік Нацбанка.
Ён разлічвае, што ў цэлым працэнтныя стаўкі па крэдытах прадоўжаць трэнд на зніжэнне, які назіраецца апошнім часам. "Гэта значыць, яны будуць імкнуцца да адназначных велічынь. У першую чаргу размова ідзе аб стаўцы рэфінансавання. Услед за ёй мы чакаем і далейшага зніжэння ставак па рублёвых крэдытах", - адзначыў Павел Калаур.
Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, у ведамстве намецілі паляпшэнне камунікацыі са СМІ. "У прыватнасці, пасля прыняцця рашэння па працэнтнай стаўцы будзе абавязкова каментарый старшыні, чаму прынята менавіта такое рашэнне, чым гэта абумоўлена. Для таго каб грамадскасць разумела і давярала палітыцы Нацбанка", - сказаў ён.
Цяпер стаўка рэфінансавання складае 10 працэнтаў. У 2018 годзе рэгулятар двойчы яе зніжаў на палову працэнтнага пункта. У сваю чаргу ў 2017 годзе стаўка рэфінансавання зніжалася восем разоў і за апошнія амаль два гады знізілася з 18 працэнтаў да цяперашніх 10 працэнтаў.
Павел Калаур таксама расказаў, што ў рамках палітыкі дэдаларызацыі будзе забяспечаны ўзровень не менш як 50 працэнтаў выдачы крэдытаў у нацыянальнай валюце, што будзе садзейнічаць зніжэнню рызык для прадпрыемстваў ва ўмовах магчымых знешніх шокаў.
"Нацыянальны банк ажыццяўляе маніторынг фінансавай стабільнасці. У нас заўсёды прымаюцца ключавыя паказчыкі, яны забяспечваюцца. Ёсць стабільнасць на грашова-крэдытным рынку, у прыватнасці на валютным, устойліва працуе плацежная сістэма, банкаўская сістэма ў цэлым. Гібкі абменны курс дазваляе своечасова абсарбіраваць пэўныя шокі, якія ўзнікаюць у знешнім свеце. Усё гэта ў сукупнасці дае падставы для ўпэўненасці, што якіх-небудзь узрушэнняў нам не даводзіцца чакаць", - рэзюмаваў кіраўнік Нацбанка.