8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацікаўлена ў перайманні кітайскага вопыту ў сферы продажаў навуковых распрацовак. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Сукала.
"Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадае свае навуковыя распрацоўкі ў краіны Еўропы і Азіі, але супрацоўніцтва з кітайскімі калегамі было б вельмі карысна для развіцця ў гэтым напрамку. Мы зацікаўлены ў перайманні кітайскага маркетынгавага і гандлёвага вопыту", - сказаў Аляксандр Сукала.
Паводле яго слоў, кітайскі навуковы патэнцыял уяўляе для Нацыянальнай акадэміі навук вельмі вялікі інтарэс. "Цяпер найбольш актыўна супрацоўнічаюць з вучонымі і даследчыкамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі Фізіка-тэхнічны інстытут, Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава, Інстытут хіміі новых матэрыялаў, Інстытут мікрабіялогіі, Цэнтральны батанічны сад. Сумесна распрацаваны шэраг праектаў, якія ўяўляюць узаемную значнасць", - канстатаваў намеснік старшыні Прэзідыума НАН.
"Для ўзаемнай карысці ажыццяўляецца і прадаўжае развівацца абмен спецыялістамі. Кітайскія вучоныя прыязджаюць у Беларусь, беларускія даследчыкі накіроўваюцца ў Кітай. У наш век інтэрнэту можа здацца, што гэта залішне, але наладжванне асабістых кантактаў у міжнародным акадэмічным асяроддзі значна садзейнічае наладжванню партнёрскіх дружалюбных адносін", - дадаў Аляксандр Сукала.
Цяпер Нацыянальная акадэмія навук Беларусі рэалізуе ў Кітаі праекты на суму больш як $4 млн. "Лічба добрая, але відавочна недастатковая. Яна не адпавядае нашаму патэнцыялу. На мой погляд, рэальна дабіцца паказчыка мінімум у 10 разоў больш", - лічыць намеснік старшыні.