12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі плануе развіваць супрацоўніцтва з фондам "Сколкава". Аб гэтым ішла размова ў час сустрэчы старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і старшыні праўлення фонду "Сколкава" Ігара Драздова, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАН.
У час перагавораў быў абмеркаваны спектр перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва НАН Беларусі і фонду, а таксама механізмы іх рэалізацыі. Як адзначыў у ходзе сустрэчы Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі надае асаблівае значэнне развіццю супрацоўніцтва з расійскімі арганізацыямі. "Мы сёння актыўна ўзаемадзейнічаем з шэрагам навуковых цэнтраў Расійскай Федэрацыі і рэгіёнаў. Для нас Расія - прыярытэт. Мы павінны разам працаваць. Але галоўнае, як падкрэслівае наш Прэзідэнт, - гэта эфектыўнасць. Каб была карысць для эканомік дзвюх краін. Таму мы будзем падтрымліваць супрацоўніцтва ў шырокім плане", - падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
У сваю чаргу старшыня праўлення фонду "Сколкава" Ігар Драздоў адзначыў, што яны гатовы актыўна супрацоўнічаць па шэрагу напрамкаў, але асабліва цікавяць мікраэлектроніка і беспілотныя лятальныя апараты. Госці азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных на пастаянна дзеючай выстаўцы "Дасягненні навукі - вытворчасці". У праграме таксама наведванне Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН і Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН.
Фонд развіцця Цэнтра распрацоўкі і камерцыялізацыі новых тэхналогій "Сколкава" займаецца стварэннем унікальнага цэнтра "Сколкава". Місіяй фонду з'яўляецца фарміраванне спрыяльных умоў для інавацыйнага працэсу. Канструктары, інжынеры, бізнесмены і вучоныя сумесна з удзельнікамі праектаў працуюць над стварэннем канкурэнтаздольных навукаёмістых распрацовак сусветнага ўзроўню ў пяці напрамках: ядзерныя тэхналогіі, касмічныя тэхналогіі і тэлекамунікацыі, энергаэфектыўнасць і энергазберажэнне, біямедыцынскія тэхналогіі, стратэгічныя камп'ютарныя тэхналогіі і праграмнае забеспячэнне.