12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рэактары першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі пачалася кіруемая ланцуговая рэакцыя дзялення, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
"У адпаведнасці з графікам узвядзення БелАЭС на першым энергаблоку паспяхова запушчана ланцуговая рэакцыя, рэактарная ўстаноўка выведзена на мінімальна кантралюемы ўзровень магутнасці", - праінфармавалі ў прэс-службе. Такім чынам, пакладзены пачатак жыццёвага цыкла рэактара.
У бліжэйшы час на першым энергаблоку правядуць комплекс даследаванняў, якія дадуць магчымасць пацвердзіць надзейнасць усёй сістэмы ядзерна-фізічнага кантролю і ядзернай бяспекі рэактарнай устаноўкі. Наступным этапам стане энергетычны пуск першага энергаблока з уключэннем у энергасістэму краіны.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце АЭС-2006 паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі "Расатам". Энергаблокі пакалення 3+ маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўнай асаблівасцю энергаблока з'яўляецца ўнікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.