4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайскае гандлёва-вытворчае прадпрыемства Wenzhou Ruijun Steel Co. Ltd стала 5-тысячнай замежнай кампаніяй, акрэдытаванай для ўдзелу ў таргах на Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Wenzhou Ruijun Steel плануе выкарыстоўваць біржавую пляцоўку для паставак у Беларусь металапракату і іншых вырабаў з чорных металаў, запатрабаваных прадпрыемствамі прамысловага сектара.
Як паведаміў генеральны дырэктар Wenzhou Ruijun Steel Чжан Вэньшу, выхад на беларускую біржу абумоўлены імкненнем кампаніі пашырыць геаграфію продажаў і магчымасцю атрымаць доступ да найбуйнейшых беларускіх спажыўцоў металу.
"Час - найкаштоўнейшы рэсурс у любым бізнесе, а тым больш у міжнародным гандлі, калі ад хуткасці выхаду на новы рынак нярэдка залежыць тая доля, на якую ты можаш прэтэндаваць. Таму з усіх варыянтаў асваення беларускага рынку мы выбралі менавіта біржавую пляцоўку, перш за ўсё з-за магчымасці аператыўна атрымаць доступ да нашай мэтавай аўдыторыі - прадпрыемстваў прамысловага і энергетычнага сектара. На пачатковым этапе плануем рэалізоўваць на таргах трубавую прадукцыю, а затым у залежнасці ад дынамікі продажаў і рыначнай кан'юнктуры будзем паступова пашыраць асартымент. Для нас біржа новы, але вельмі цікавы вопыт", - заявіў кітайскі бізнесмен.
Wenzhou Ruijun Steel - 36-я кітайская кампанія, акрэдытаваная на БУТБ. Пры гэтым па тэмпах росту аб'ёмаў біржавых здзелак Кітай па выніках першых двух месяцаў года перасягнуў амаль усе асноўныя рынкі, з якімі Беларусь цяпер вядзе біржавы гандаль.
Як адзначылі ў прэс-службе БУТБ, павелічэнне долі кітайскіх кампаній у біржавым тавараабароце з'яўляецца адной з прыярытэтных задач біржы на бягучы год. Для яе дасягнення не толькі пашырана кола ўдзельнікаў таргоў з КНР, але і асартымент тавараў, якія пастаўляюцца праз БУТБ на кітайскі рынак. У прыватнасці, у гэтым годзе разам з піламатэрыяламі стартавалі экспартныя здзелкі па такіх перспектыўных пазіцыях, як рапсавы алей, сухое малако і цукар.