18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны форум па пытаннях камерцыйнай медыяцыі для краін Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі пройдзе ў Мінску з 11 па 12 кастрычніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Вольга Мурашкоўская.
Удзельнікамі форуму стануць міністры юстыцыі і старшыні Вярхоўных судоў з 11 краін, дэлегацыя Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, а таксама замежныя эксперты ў галіне камерцыйнай медыяцыі. Яны абмяняюцца вопытам развіцця камерцыйнай медыяцыі, пасля чаго будуць выпрацаваны ўніверсальныя прапановы для яе пашырэння ў краінах Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі.
Міністэрства юстыцыі плануе падрыхтаваць і выпусціць спецыяльнае выданне, у якім будуць выкладзены актуальныя пытанні адносна развіцця медыяцыі ў Беларусі, сферы дзеяння закона аб медыяцыі, практыкі яго прымянення і інш.
Заканадаўчае рэгуляванне прававога інстытута медыяцыі, стварэнне спрыяльных умоў для яго развіцця ў рэспубліцы ўскладзены на Міністэрства юстыцыі.
Арганізатарамі форуму з'яўляюцца Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, юрыдычная кампанія "Уласава, Міхель і Партнёры". У ролі нацыянальнага сузаснавальніка і суарганізатара мерапрыемства выступае Міністэрства юстыцыі Беларусі, якое таксама акажа садзейнічанне ў арганізацыі прэс-канферэнцыі.