23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці працуюць над тым, каб справіцца з санкцыйным націскам. У прыватнасці, канструктарскія бюро актыўна шукаюць рашэнні па імпартазамяшчэнні камплектуючых, якія пастаўляліся з некаторых заходнееўрапейскіх краін. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр прамысловасці Пётр Пархомчык пасля даклада Прэзідэнту Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Так, непрыемна ўсё тое, што робяць еўрапейскія краіны ў частцы нашых прамысловых прадпрыемстваў. Але гэта якраз штуршок і магчымасць нашым прадпрыемствам паглядзець на пытанні імпартазамяшчэння, тэхнічных рашэнняў. Інакш кажучы, знайсці замену камплектуючых ад тых, хто кінуў нам пэўны выклік. І сёння нашы канструктарскія школы вырашаюць такія задачы. Не хацелася б раскрываць цяпер нашы тэхнічныя планы, але мы будзем здзіўляць - і вас, і грамадскасць", - сказаў міністр.
"Няма ніякага сумнення, што з гэтымі санкцыямі прамысловыя прадпрыемствы Беларусі справяцца", - перакананы ён.
Сітуацыю ў цэлым у прамысловасці міністр ахарактарызаваў як кіруемую. Паводле слоў Пятра Пархомчыка, за 9 месяцаў бягучага года прадпрыемствы галіны выканалі ўсе паказчыкі, пры гэтым дэманструючы вельмі высокія тэмпы росту экспарту прадукцыі - амаль 139 працэнтаў. "Прэзідэнтам было дадзена даручэнне: нягледзячы на ўсе складанасці бягучага моманту, захаваць аб'ёмы вытворчасці, экспарту на ўзроўні таго, што дасягнута па выніках 6 месяцаў. Гэта значыць мы фактычна за другое паўгоддзе павінны падвоіць вынікі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. У нас няма ніякіх сумненняў, што мы з пастаўленай задачай справімся", - лічыць кіраўнік Мінпрама.
Ён падкрэсліў, што абстаноўка на прадпрыемствах дзелавая, яны працуюць у штатным рэжыме. А звесткі аб нейкіх забастоўках, паводле яго слоў, ёсць толькі ў асобных Telegram-каналах.
Сярэдняя зарплата па Мінпраме вагаецца ад Br1350 до 1400. "Да канца года яна будзе ў межах Br1400-1450, інакш кажучы, нязначна прырасце", - адзначыў Пётр Пархомчык. Важнымі фактарамі для работнікаў, акрамя памераў зарплаты, міністр лічыць своечасовасць яе выплаты, важкі сацыяльны пакет. "Думаю, што гэтаму пакету могуць пазайздросціць любыя суб'екты гаспадарання - і расійскія, і іншыя замежныя... Таму што вельмі вялікая ідзе дапамога ў розных напрамках. Гэта і для моладзі, якая можа атрымаць сродкі для будаўніцтва кватэры. Гэта і ў галіне аздараўлення. І плюс яшчэ шэраг пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай, навучаннем. Гэта ўсё робіцца за кошт прадпрыемстваў", - звярнуў увагу кіраўнік Мінпрама.
Што датычыцца прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, то Прэзідэнт асобна ўказаў на тое, што іх работнікі ні ў якім разе не павінны пацярпець. Як праінфармаваў міністр, пэўныя крокі для дадатковай абароны супрацоўнікаў ужо зроблены: "Я не буду называць суму, але ўрадам прыняты адпаведныя дакументы, прыняты дарожныя карты. І гэтыя прадпрыемствы атрымалі танныя сродкі для вырашэння гэтых пытанняў".