17 верасня, Вена /Кар. БЕЛТА/. Набор персаналу на Беларускую АЭС будзе практычна завершаны ў першым квартале 2020 года. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк на сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапейскай камісіі на чале з выконваючым абавязкі намесніка генеральнага дырэктара па каардынацыі пытанняў ядзернай энергетыкі Генеральнага дырэктарата па энергетыцы Еўракамісіі Масіма Карыба, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні адносна рэалізацыі праекта па будаўніцтве БелАЭС. У прыватнасці, прадстаўнікі Еўракамісіі пацікавіліся, ці дастаткова персаналу для камплектацыі атамнай станцыі.
"Першы энергаблок поўнасцю ўкамплектаваны. Што датычыцца другога блока, то персанал на ключавыя пасады падабраны і праходзіць навучанне. У нас ёсць праграма набору па тых спецыяльнасцях, якія не патрабуюць працяглай падрыхтоўкі, і ў першым квартале 2020 года мы практычна завершым набор персаналу на станцыю", - расказаў Міхаіл Міхадзюк. Работнікі праходзяць падрыхтоўку ў тым ліку на поўнамаштабным трэнажоры, які паўтарае рэальныя рабочыя сітуацыі на станцыі.
Размова таксама ішла пра работу нядаўніх місій МАГАТЭ ў Беларусі. За апошні год прыняты тры ацэначныя місіі МАГАТЭ - місія EPREV па ацэнцы гатоўнасці да рэагавання на ядзерныя і радыяцыйныя аварыйныя сітуацыі, місія ISSAS па пытаннях уліку і кантролю ядзерных матэрыялаў і місія pre-OSART па папярэдняй ацэнцы эксплуатацыйнай бяспекі будуемай АЭС. У першым квартале 2020 года чакаецца місія INIR па комплекснай ацэнцы інфраструктуры ядзернай энергетыкі.
Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што па выніках апошняй місіі - pre-OSART - эксперты далі пэўныя рэкамендацыі і выдзелілі добрыя практыкі Беларусі, якія могуць быць укаранёны ў іншых краінах. "Цяпер рыхтуем план мерапрыемстваў па выкананні рэкамендацый. Гэта звычайная работа па выніках любой місіі", - сказаў намеснік міністра.
Ён праінфармаваў прадстаўнікоў Еўракамісіі аб бягучых работах на пляцоўцы БелАЭС. На першым блоку ідуць перадпускавыя аперацыі, праведзены гідраўлічныя выпрабаванні абсталявання першага і другога контураў. На другім блоку завяршаюцца будаўнічыя работы, вядзецца мантаж абсталявання.
На сустрэчы таксама закраналіся тэмы дастаўкі на пляцоўку АЭС ядзернага паліва, выдачы ліцэнзіі на эксплуатацыю станцыі.