30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны валютны фонд прагназуе паступовае аднаўленне эканомікі Беларусі ў 2018 годзе, паведаміў сёння журналістам кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы чакаем, што ў Беларусі рэцэсія прадоўжыцца ў гэтым годзе і ў наступным, пасля чаго пачнецца паступовае аднаўленне эканомікі. Мы бачым, што знешняя сітуацыя, гэта значыць сітуацыя ў краінах, якія з'яўляюцца ключавымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі, цяпер паляпшаецца, але павольна. Цэны на сыравінныя тавары, напрыклад, нафту, як чакаецца, будуць павялічвацца вельмі ўмеранымі тэмпамі", - адзначыў Пітэр Долман.
Паводле яго слоў, асноўнай задачай урада цяпер з'яўляецца стварэнне ўмоў для высокага эканамічнага росту. "Тут сур'ёзным выклікам стане сектар дзяржаўных прадпрыемстваў. Многія з іх цяпер нясуць страты і не маюць магчымасці канкурыраваць у той ступені, у якой яны маглі б гэта рабіць як на міжнародным, так і на ўнутраным рынку. Таму вырашэнне праблемы ўнутры сектара дзяржпрадпрыемстваў - гэта самае важнае", - растлумачыў ён.
Пітэр Долман адзначыў, што гэта вельмі складаная задача, для яе вырашэння спатрэбіцца час, магчыма, некалькі гадоў. У сувязі з гэтым важна каардынацыя і паслядоўнасць дзеянняў, а таксама стварэнне трывалай сістэмы сацыяльнай абароны. "Мы лічым, працэс будзе складаным, таму мяркуем, што тэмпы эканамічнага росту ў гэтым і наступным годзе будуць больш нізкімі", - удакладніў кіраўнік місіі МВФ па Беларусі.
Місія Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Пітэра Долмана працавала ў Беларусі 21-30 чэрвеня. За гэты час прадстаўнікі МВФ правялі ацэнку бягучай эканамічнай палітыкі і штогадовыя кансультацыі з уладамі па Артыкуле IV.