15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод у верасні - кастрычніку прыняў амаль 3,2 тыс. турыстаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
За верасень - кастрычнік Мінскі трактарны завод прыняў амаль на 2,5 тыс. турыстаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. "За першыя два асеннія месяцы нашымі паслугамі ў рамках прамысловага турызму скарысталіся 3184 чалавекі. Яшчэ большы попыт прыпаў на лістападаўскія школьныя канікулы: за тыдзень прадпрыемства наведалі 955 гасцей. Да нас звярталіся як адміністрацыя школы, класныя кіраўнікі, бацькі вучняў, так і работнікі турыстычных фірм", - адзначыў вядучы спецыяліст па турызме Музейна-прамысловага цэнтра працоўнай славы МТЗ Сяргей Сідаровіч.
Ён растлумачыў, што павелічэнне попыту на экскурсіі звязана з развіццём і пераасэнсаваннем ўнутранага турызму. "Людзі даведаліся, што правесці вольны час цікава можна, не толькі наведаўшы, напрыклад, тэатр, але і дзеючы завод. А для МТЗ такія мерапрыемствы - гэта дадатковая магчымасць заявіць аб сабе, ужывую прарэкламаваць сваю прадукцыю, вырашыць задачы прафарыентацыі", - дадаў Сяргей Сідаровіч.
На экскурсію па прадпрыемстве прымаюць дзяцей з 9-гадовага ўзросту. Праграма разлічана на паўтары гадзіны. Адначасова завод можа прыняць тры-чатыры групы, у кожнай з якіх не больш за 30 чалавек.