26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод плануе ў паўтара-два разы нарасціць экспарт у краіны далёкай дугі. Аб гэтым заявіў журналістам новы генеральны дырэктар ААТ "МТЗ" Сяргей Аўраменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Планы ў кароткатэрміновай перспектыве ў нас вызначаны бізнес-планам, у доўгатэрміновай - стратэгіяй развіцця да 2035 года. Перад заводам стаіць цяпер задача максімальна ўзмацніць работу па краінах далёкай дугі. На гэтым акцэнтуе ўвагу не толькі Прэзідэнт, але і ўрад. Выкананне гэтых даручэнняў трымаецца на пастаянным кантролі", - адзначыў Сяргей Аўраменка.
Паводле яго слоў, краіны далёкай дугі ў агульным аб'ёме экспарту МТЗ цяпер займаюць каля 15 працэнтаў. Дамінуючым жа рынкам збыту для прадпрыемства па-ранейшаму застаецца Расія. Пры гэтым на заводзе разумеюць, што рабіць акцэнт на нейкім адным напрамку і трапляць у залежнасць ад аднаго рынку збыту нельга.
"Залатое правіла - аб'ёмы павінны быць па 25-30 працэнтаў па розных напрамках у залежнасці ад характару знешнепалітычнай сітуацыі, ад шэрага эканамічных фактараў (вы бачыце, што цяпер адбываецца на планеце, асабліва ў аграрным сектары: то засухі, то паводкі)", - дадаў гендырэктар.
Раней Сяргей Аўраменка працаваў першым намеснікам генеральнага дырэктара - тэхнічным дырэктарам МТЗ. Узгадняючы яго кандыдатуру на пасаду кіраўніка прадпрыемства, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па заводзе трэба было ўжо даўно прымаць рашэнне.
"МТЗ для Беларусі - гэта брэнд брэндаў. Па-першае. Па-другое, трактар - гэта галоўная прылада працы ўсюды, пачынаючы ад вуліц і дваровых участкаў і заканчваючы сельскай гаспадаркай. Гэта і транспарціроўка, і ворыва, і сяўба і гэтак далей, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Ну і лепшай школы, чым у нас у Беларусі па трактарах, у свеце няма. Гэта адзін з вядучых сусветных вытворцаў трактарнай тэхнікі".