15 жніўня, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. ААТ "МТЗ" мае намер пашырыць мадэльны рад пастаўляемых у Афганістан трактароў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам выконваючы абавязкі намесніка генеральнага дырэктара па маркетынгу - маркетынг-дырэктара ААТ "МТЗ" Юрый Пататурка ў час наведвання прадпрыемства кіраўніком выканаўчай улады Афганістана Абдулой Абдулой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяпер МТЗ пастаўляе ў Афганістан трактары BELARUS-510, прызначаныя для розных сельскагаспадарчых работ, транспартных дапаможных аперацый. "Гэта тэнтаваная, максімальна спрошчаная тэхніка, запатрабаваная ў Паўднёва-Усходняй і Цэнтральнай Азіі. Прапануем павялічыць мадэльны рад трактароў для паставак у Афганістан. Усяго завод выпускае каля 200 мадэлей, можам падабраць мадэльны рад пад любыя патрабаванні", - расказаў Юрый Пататурка.
Мінскі трактарны завод і кампаніі Афганістана звязваюць даўнія адносіны. Усяго з 1956 года ў гэту краіну адгружана больш за 20 тыс. беларускіх трактароў. "Апошнія некалькі гадоў назіраецца рост паставак. У Афганістане функцыянуе дылерская сетка МТЗ. Па выніках года плануем адгрузіць 525 трактароў, ужо адгружана каля 300 трактароў. У мінулым годзе было адгружана 470 адзінак. Такім чынам, прагназуецца рост паставак", - канстатаваў Юрый Пататурка.
Прэс-сакратар кіраўніка выканаўчай улады Афганістана Абдулы Абдулы Джавід Файсаль у размове з журналістамі аб развіцці адносін паміж краінамі адзначыў: "Мы спадзяёмся на плённае двухбаковае супрацоўніцтва ў сферах гандлю, бізнесу, стварэння сумесных прадпрыемстваў. Зацікаўлены ў спрашчэнні візавага рэжыму паміж дзяржавамі, у тым ліку для актывізацыі прытоку бізнесу з адной краіны ў другую".
Абдула Абдула азнаёміўся з мадэльным радам тэхнікі МТЗ і пракаціўся на трактары BELARUS-4522 - адной з самых магутных машын, што выпускаюцца на прадпрыемстве. Ён таксама пакінуў подпіс у Кнізе ганаровых гасцей.