30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод пасля 12-гадовага перапынку аднавіў пастаўкі тэхнікі ў Зімбабвэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
"Нягледзячы на складаную сітуацыю ў свеце, абумоўленую пандэміяй, МТЗ упэўнена ідзе да рэалізацыі намечаных планаў. Адным з асноўных напрамкаў знешняй стратэгіі завода сёння з'яўляецца дыверсіфікацыя экспарту з акцэнтам на павелічэнні продажаў у краінах Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Блізкага Усходу", - расказалі ў прэс-службе.
Цяпер прадпрыемства прапрацоўвае магчымасць паставак трактароў у рамках еўрапейскіх праграм аказання эканамічнай дапамогі афрыканскім дзяржавам. Дзякуючы адной з іх у красавіку 2020 года МТЗ аднавіў пастаўкі ў Зімбабвэ.
У гэту краіну ўжо адгружана некалькі партый трактароў BELARUS-820 агульнай колькасцю 130 адзінак. Да канца жніўня кампанія плануе выканаць усе абавязацельствы па кантракце, а гэта яшчэ больш за 300 машын. "Асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці пастаўляемых трактароў. Кантрактам прадугледжана камандзіраванне супрацоўнікаў Мінскага трактарнага завода для ўводу тэхнікі ў эксплуатацыю, правядзення гарантыйнага рамонту і навучання мясцовых спецыялістаў", - падкрэслілі на прадпрыемстве.
Беларуская тэхніка на рынку Зімбабвэ ўпершыню з'явілася яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, адзначылі ў прэс-службе. Аднак пастаўкі ажыццяўляліся эпізадычна і ў невялікіх аб'ёмах. Да цяперашняга часу апошняя адгрузка трактароў BELARUS у Зімбабвэ датавалася 2008 годам.
Перспектыўным напрамкам экспарту ў Афрыку таксама з'яўляюцца Буркіна-Фасо, Замбія і Нігерыя.
Мінскі трактарны завод - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. У склад холдынга акрамя МТЗ уваходзяць дзевяць прадпрыемстваў, створана 26 зборачных вытворчасцей за мяжой. На вытворчасці працуюць звыш 17 тыс. чалавек, прадукцыя прадстаўлена на рынках больш як 60 дзяржаў.